РЭА́КЦЫЯ ГЛЕ́БЫ,

фізіка-хімічныя ўласцівасці глебы, звязаныя з колькасцю іонаў H​+ і OH​ у яе цвёрдай і вадкай частцы. Вызначаецца вадародным паказчыкам (pH), характарызуе кіслотнасць глебы. Адрозніваюць Р.г. кіслую (пераважаюць іоны H​+), шчолачную (пераважаюць іоны OH​) і нейтральную (аднолькавая канцэнтрацыя іонаў H​+ і OH​). Для колькаснай ацэнкі Р.г. выкарыстоўваюцца розныя паказчыкі, найчасцей pH суспензіі глебы ў вадзе ці ў растворы хлорыстага калію (KCl). Р.г. істотна ўплывае на міграцыю прадуктаў выветрывання; міграцыйная здольнасць злучэнняў жалеза, марганцу, стронцыю, медзі (Fe, Mn, Sr, Cu) павялічваецца ў кіслым асяроддзі, а злучэнняў крэмнію (Si), алюмінію (Al) — у шчолачным. Пры кіслай Р.г. многія расліны прыгнечваюцца ад павышанай канцэнтрацыі іонаў H​+ і Al​3+, таму кіслыя глебы неабходна вапнаваць (гл. Вапнаванне глебы). Моцнашчолачныя глебы таксама неспрыяльныя для с.-г. культур; іх паляпшаюць гіпсаваннем глеб і ўнясеннем арган. угнаенняў. На Беларусі Р.г. с.-г. угоддзяў ў межах pH у хлорыстым каліі (KCl) ад 3,9 на пераходных тарфяніках да 7,5 на дзярнова-карбанатных глебах.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)